ATENEY - RUSSIAN INTERNATIONAL EDITION
Tulaev.ru

Атеней

Родовед

Евгения

English

Español

Deutsch

Polski

Français

Беларусь

България

Россия

Србия

Україна

Slovenija

India
LINKS
CONTACT
ARCHIVES
FORUM
Rambler's Top100

Алесь Лозка
РЭКАНСТРУКЦЫЯ ЯЗЫЧН_ЦКАГА СЛАВЯНСКАГА КАЛЕНДАРА

   Тэарэтычны аспект паняццяў "рэстаўрацыя" і "рэканструкцыя" ў беларускай фалькларыстыцы не вывучаны. Добрыя здабыткі тут маюць рускія навукоўцы Дз. Ліхачоў, І. Грабар, Б. Рыбакоў, М. Талстой, С. Талстая, І. Зямцоўскі, В. Іваноў, У. Тапароў, Б. Пуцілаў, Т. Агапкіна, А. Байдурын, А. Тапаркоў, Т. Бернштам, Б. Успенскі і інш. У рэстаўрацыі вылучаюцца наступныя асноўныя метады: кансервацыя, аднаўленне, адраджэнне, прыстасаванне, рэканструкцыя, уласна рэстаўрацыя.

   Паняцце "рэканструкцыі" павінна азначаць аднаўленне агульных уласцівасцей песеннай традыцыі ці іншага старадаўняга помніка па апісаннях, рэштках напеваў, што захаваліся, на падставе аналізу асобных частак, а таксама іншых блізкіх паводле зместу, складу, стылю твораў. Рэзкую мяжу паміж рэстаўрацыяй і рэканструкцыяй знайсці цяжка, бо ў пэўны перыяд апошняя можа пераходзіць у вышэйшую стадыю - рэстаўрацыю.

   Прытрымліванне адпаведных метадычных прынцыпаў ці толькі пэўнай часткі іх стварае розныя ўзроўні рэстаўрацыі і рэканструкцыі фальклорных фактаў па ступені даставернасці. Самую вяршыню іх зойме рэстаўрацыя з асобнымі прыступкамі: (1) аднаўленне першапачатковага і (2) блізкага ці прыблізнага выглядаў. Наступныя ніжэйшыя прыступкі нашай "піраміды" складзе сістэма рэканструкцыі. Трэцяе месца належыць таму памежнаму ўзнаўленню, калі ўлічваюцца вышэй названыя прынцыпы і фактары, якія звязаны з гісторыяй, і па словах Дз. Ліхачова "абгрунтавана (само сабой зразумела, хоць бы з адноснай ступенню даставернасці) ва ўсіх сваіх частках" [1, с. 462]. Гэта - рэканструкцыя фальклорнага факта пэўнага рэгіёну, нават вёскі, прывязанага да пэўнага часу, адпаведнай мовы і ўмоваў бытавання праз узнаўленне яго мастацкіх, эстэтычных, стылістычных уласцівасцей і функцыянальнага прызначэння. Далей могуць быць рознаварыянтныя прыступкі, звязаныя з улікам выкарыстання-невыкарыстання асобных метадычных прынцыпаў. Сюды могуць адносіцца агульныя даследаванні-апісанні абрадаў, звычаяў і г. д., без асаблівага ўліку часу бытавання ці рэгіёна. Такія працы ў фалькларыстыцы найбольш пашыраныя, якія можна ўмоўна аднесці да сярэдняга ўзроўню. Гэта - рэканструкцыі-сістэматызацыі. Напрыклад, збор і сістэматызацыя беларускага народнага календара (БНК), які ўяўляе сабой рэканструкцыю агульнага стану каляндарнай традыцыі па розных дайшоўшых да нашага часу крыніцах з усіх рэгіёнаў. Гэта - рэканструкцыі-сістэматызацыі язычніцкага славянскага ці задыякальнага календароў на аснове нацыянальнага матэрыялу з прыцягненнем падобнага ў іншых народаў. Гэта - рэканструкцыі гіпатэтычнага зместу фальклорнага факта, у тым ліку песні, празаічнага твора, а не згубленага іх тэксту з улікам мовы, часу і г. д. Самыя ніжэйшыя прыступкі ўзведзенай "піраміды" - вельмі прыблізныя рэканструкцыі ў выглядзе накідаў схем, малюнкаў, макетаў. "Калі рэканструкцыя выкарыстоўвае магчымасць у большай ступені, чым неабходнасць, - заўважае Дз. Ліхачоў, - яна адносіцца да галіны мастацкай творчасці, а не навуковай" [1, c. 462]. Да рэканструкцыі вучоны ўжо не адносіў кампілятыўныя спіскі, "аўтарскія тэксты".

   Далей прадстаўляецца ў якасці гіпотэзы наша кароткая рэканструкцыя язычніцкага славянскага календара паводле беларускай традыцыйнай спадчыны i пацверджаная фальклорна-этнаграфiчнымi матэрыяламi славянскiх народаў. Згодна даследавання В. Г. Власава, падобная рэканструкцыя адпавядае календару ХІІІ ст. н. э., у якім глыбіня памяці дасягае аж да верхняга палеаліту [2]. Больш падрабязнае навуковае абгрунтаванне зроблена намі ў манаграфіях "Беларускі каляндар у славянскім і еўрапейскім свеце" [3], "Феномен Новага года ў беларускім фальклоры"[4] і іншых публікацях [5]. У дадзеным, больш дасканаленым, варыянце рэканструкцыі злучаны два аспекты старажытнай сістэмы летазлічэння - задыякальны і культавы.

   У рэканструкцыі даты падаюцца з прывязкаю да свят народнага календара: першая лічба адлюстроўвае грыгарыянскі, другая - юліянскі стыль (праваслаўная традыцыя). Чорным курсівам вылучаны задыякальныя месяцы сучаснага перыяду. Падаюцца аўтарскія іх назвы, у дужках - сузор'і сучаснага і старажытнага перыядаў. Побач з вылучанымі язычніцкімі культамі прадстаўлены хранонімы і традыцыі народнага календара.

   19 сакавіка - 21 красавіка. Вялікдзень. Мядзведзь. (Рыбы. Авен).

   20-21. Вясенняе раўнадзенства. Магчыма, велікоднае ігрышча адзначалася два тыдні: традыцыі Масленіцы, Гукання вясны, Зборніцы, Саракоў, Вербніцы, Велікоднага і Праводнага тыдняў, Радаўніцы, якія раней былі не так раскіданы.

   Культ грамоўнiка i абаронцы жывёлы. Спаленне пудзiла на Масленiцу i звычаi апекавання над жывёлай. "Каровiна i конскае свята". Валоссе. Культ Вялеса. Адлюстраванне мiфа паядынку i перамогi (спалення) грамоўнiка над змеем. Абрад "ваджэння i пахавання стралы" на Вялiкдзень. Патрыярхальны культ продкаў i хатнiка. Спаленне масленiчнага пудзiла жанчыны. У хрысцiянскi перыяд замацаваны за чацвяргом у перадвелiкодны i Велiкодны тыдзень (Чысты чацвер, Вялiкадне мёртвых) i аўторкам паслявелiкоднага тыдня (Радунiца).

   Культ Сонца. Звычаi, звязаныя з "гульнёй" ("радаваннем") свяцiла на Вялiкдзень. Земляробчы культ. Дзень сельскагаспадарчай магii. Абрады i звычаi "развязвання сахi", "першай баразны".

   24.03/6.04. Культ мядзведзя. Камаедзiца - свята мядзведзя.

   25.03/7.04. Матрыярхальны культ зямлi. Дабравешчанне. "Да Благавешчання няможна чапаць маткi-зямлi, бо яна можа прагневацца да й не зарадзiць". Прыняцце родаў у тых жанчын, якiя ўдзельнiчалi ў аргаiстычным Купаллi "амазонак".

   Культ змяi. "На Дабравешчанне няможна нiчога з лесу прыносiць, бо ў хаце завядуцца гадзiны i чарвякi".

   Культ птушкi. Свята прылёту птушак. "Дабравешчанне як захоча, дык i бусел заклякоча".

   27.03/9.04. Культ рыбы. Матрона. "На Матрону шчупак хвастом лёд разбiвае".

   1/14.04. Культ хатнiка. Прабуджэнне хатнiка. "Апрэль - нiкому не вер".

   17/30.04. Культ пчалы. Зосім - ахоўнік пчол.

   22 красавіка - 21 траўня. Ярыла. Карова. (Авен. Цялец).

   22.04/5.05. Ляльнік - свята Лялі (Лелі), дачкі Лады (Рожаніцы - ?).

   23.04/6.05. Культ змяi. Цмок - Юр'е-Ягор'е. Веснавыя песнi пра Юр'я, якi забiвае кап'ём "паганага цмока".

   Культ грамоўнiка. Адраджэнне татэма (апякун жывёлы), якi памёр у паядынку з грамоўнiкам. Абрады "ваджэння i пахавання стралы" ды iнш. Градабойцы - 5 пятніца пасля Вялікадня.

   Культ хатняга агню. Абрады i звычаi, звязаныя з агнём ("падкурванне", прагон жывёлы праз агонь ды iнш.).

   Культ прамацi-рожанiц. Галоўнае матрыярхальнае свята палеалiту. Ляльнiк - святкаванне ў гонар багiнi Лялi (Лёлi), дачкi Лады.

   Патрыярхальны культ. Абрад "выезду ў поле Ярылы" (27.04). Свята Ярылы - боства веснавой урадлiвасцi i сексуальнасцi. Патрыярхальны культ вады. Абрады з расой i аблiваннем жывёлы. Культ воўка. Юрый (Ярыла) - гаспадар ваўкоў.

   Земляробчы культ. Рытуальнае ворыва i сяўба. "Калi на Юр'я мароз, сей авёс".

   Сельскагаспадарчая магiя. Юраўскiя рытуальныя абыходы поля, аграрная варажба. (Верагодна, што традыцыі Ушэсця былі ў юраўскім святочным комплексе).

   Жывёлагадоўчы культ. Свята пастухоў i першага выгану кароў на пашу. Апякун жывёлы i гаспадар ваўкоў. Вялес. Юр'е.

   Культ Сонца. Сонца "гуляе".

   29 (?).04. Шоснік (Ушэсце) - шосты тыдзень пасля Вялікадня, сёмы дзень ад Юр'я (канец юраўскага тыдня). "Страла".

   2/15.05. Земляробчы і жывёлагадоўчы культ. Барыс … "збожжа высіць", "коні пасець".

   7/20.05. Культ каня. "На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца дык і прадасца".

   8-9/21-22.05. Культ грамоўнiка. Мікола. Звычаi i абрады з агнём, засцеражэнне ад ведзьмы, мядзведзя, воўка. "Юр'я пасе кароў, а Мiкола - коней".

   Жывёлагадоўчы культ. Бацька Мiколы (8), Мiкола Веснавы (9). Свята конюхаў.

   22 траўня - 21 чэрвеня. Травень. Салавей і зязюля. (Цялец. Блізняты).

   22.05/4.06. Культ птушкі. Васіліск. "Ад Васіліска і салавей блізка". Дзевятнік - чацвер на дзевятым тыдні ад Вялікадня.

   31.05/13.06. Культ каня. Ерамей. Антоній.

   16/29.06. Ціхан. "На Ціхана і пеўчыя птушкі заціхаюць".

   Матрыярхальны культ "амазонак". Шлюбныя дзявочыя гуляннi. Культ бярозы. Сёмуха (Зялёныя святкі)- 50-ы дзень пасля Вялiкадня. Свята продкаў i раслiннасцi. Абрады "ваджэння куста", "завiвання бярозак". (У язычніцкі перыяд зялёнасвяцкія традыцыі, магчыма з 14 чэрвеня, уваходзілі ў купальскі двухтыднёвы комлекс як першая, падрыхтоўчая, палова перад асноўным ігрышчам, затым - Русальны тыдзень).

   22 чэрвеня - 22 ліпеня. Купала. Конь. (Блізняты. Рак).

   21-22 чэрвеня. Астранамічнае летняе сонцастаянне.

   23.06/6.07. Галоўнае ігрышча, свята сонцастаяння.

   Астральны культ, культ нябеснага агню, культ дрэва. Сонца - Лада i Ярыла - Купалле - Iван Купальны. Спаленне дрэва (Сусветнае дрэва). "А на гары калясо, гарыць яно харашо". Дзень iнiцыяцый дзеў, якiя нарадзiлiся на дзень Зямлi, 25 сакавiка.

   Культ Сонца. Звычаi наглядання за "гульнёй" свяцiла. Земляробчы культ. Рытуальнае ворыва i сяўба. "Святы Яне папар арэць, барануець". Сельскагаспадарчая магiя. "Русальныя" ды iнш. абрады ў полi i на агародзе.

   Патрыярхальны культ. Русальная абраднасць. Культ рыбы і змяі. Патапленне пудзiла. "На Пятра маладога хлеба напякла, i на Йвана рыбак паймала". Павер'і пра тое, што змяя сасе малако ў каровы.

   Жывёлагадоўчы культ. Абрады засцерагання каровы і каня ад "нечысці". Звычаі з чэрапам каня. "Калі не выліняў конь ад святога Яна, няхай ідзець да другога пана".

   29.06/12.07. Матрыярхальны культ. Дзень Лады (?). Абрады "кумавання", "развiвання вянкоў". Пара вяселляў . "Да Пятра зязюльцы кукавацi... " Пятроў дзень. "Пятро коней крадзе".

   Культ грамоўнiка. Паленне апошнiх купальскiх кастроў. Пятро. Забароны на працу i паленне агню на Паўпятро, 30 чэрвеня.

   1/14.07. Земляробчы культ. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў.

   5/18.07. Свята Месяца.

   8/21.07. Культ грамоўніка. Градавы дзень. (Прысутнасць яго бачыцца і ў наступных днях - Прокл, Гаўрылей, Макрыны).

   16/29.07. Культ птушкі. Афінаген.Тыдзень да Іллі - Серпавіца ("зазубрыванне" сярпоў).

   23 ліпеня - 23 жніўня. Пярун. Пчала. (Рак. Леў).

   20 (23-?).07/2.08. Культ змяi, пчалы і рыбы. Iлля. "Чэрцi ў навальнiцу хаваюцца ў ваду i ператвараюцца ў рыб". Мусiць пераможаны Вялес (Яшчур), гаспадар падземна-падводнага царства, перамясцiўся ў iншую пару. Клопат пра пчол.

   Дзень нябеснага агню i культ грамоўнiка. Галоўнае свята нябеснай сiлы (Пярун, Iлля), якая перамагае злую сiлу, змея-абаронцу, першапродка, татэма роду, Вялеса ("смалiць Пярун за Перуном ды палюе нячыстую сiлу"). З 20 па 27 лiпеня.

   Земляробчы культ. Сельскагаспадарчая магiя. Зажынкi. "Iлля жнiво пачынае".

   24.07/6.08. Земляробчы культ і культ грамоўнiка. Барыс Палікоп.

   1/14.08. Культ пчалы. Мядовы Спас (Мядовiк). Пчаляры "макалi ў мёд нажы".

   2/15.08. Жывёлагадоўчы культ. Базыль. "Базыль авечкам воўну дае".

   6/19.08. Земляробчы культ. Яблычны Спас. Свята ўраджаю. Выбіралі мёд.

   15/28.08. Матрыярхальны культ Зямлi. Агульнаславянскае свята ўраджаю. Прачыстая, Успленне, Зельная, Багародзiца.

   Свята агню-сварожыча. Абрад ахвяравання агню пад час першай сушкi снапоў (таксама 16 жнiўня).

   16/29.08. Земляробчы культ. Свята ўраджаю (i 15 жнiўня). "Прыйшла Прачыстая - перапечка чыстая", "Трэцi Спас хлеба прыпас".

   18/31.08. Жывёлагадоўчы культ. Свята коней - дзень Флора i Лаўра. Пяклi аладкi "капыты", весялiлiся пастухi.

   24 жніўня - 23 верасня. Багач. Змяя. ( Леў. Дзева).

   25.08/7.09. Пара сяўбы азімых. "Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей".

   1/14.09. Астральны культ i патрыярхальны культ хатнiка. З'яўленне Млечнага Шляху, якi на сонцастаянне ў чэрвенi знiкаў - культ хатняга агню - "жанiцьба комiна" - Сымон Стоўпнiк.

   Матрыярхальны культ Зямлi. Свята сяўбы. "Святы Сымон - а й сявец дамоў".

   Культ птушак. "На Сымона ластаўкі хаваюцца ў ваду".

   Культ змяі. "На Сымонаў дзень вужы на землю выходзяць".

   8/21.09. Матрыярхальны культ рожанiц. Багач (Нараджэнне Божае Мацi).

   Земляробчы культ. Свята свечкi, ураджаю i сяўбы. "Прачыстая Большая жыта свенцiць, засявае", "Прыйшла Прачыстая - стала поле чыстае".

   14/27.09. Культ змяi. Узвiжанне. "На Узвiжання пару гадзюкi i вужы хаваюцца ў нару".

   24 верасня - 24 кастрычніка. Вяселле. Карова. (Дзева. Шалі).

   22-23. Дзень астранамічнага асенняга раўнадзенства. Яго рысы выяўляюць звычаі Сымона, Багача, Звіжання, святы ўраджаю, Дзядоў і інш.

   23 - 29.09 (?). Бабіна лета.

   26.09/9.10. Шлюбная пара. "Іван Багаслоў дружкі разаслаў, а на Пакрова дзеўка гатова". Іван Шаптун.

   1/14.10. Земляробчы і жывёлагадоўчы культы. Пакровы. "Прыходзіць Пакрова - раве дзеўка бы карова". Пара вяселляў (да Змітра).

   18/31.10. "На Лукаша дзеўка наша".

   22.10. "Хто на Казанскую жаніхаецца, той не пакаецца".

   Патрыярхальны культ продкаў, хатнiка. Асянiны (пятнiца - субота перад Змiтравым днём).

   25 кастрычніка - 23 лістапада. Дзяды. Авечка. (Шалі. Скарпіён).

   26.10/8.11. Культ воўка. Зміцер. "Да Змітра пасуць, а па Змітру пільнуюць".

   28.10/10.11. Культ багiнi Макашы i вады. Параскі. Апякунка ўраджаю i дабрабыту, пачатак пары зiмовага адпачынку зямлi. Дзень апякункi жаночага рукадзелля (ткацтва), заступнiцы жанчын i сям'i. Усходнеславянскi абрад "макрыда" - ахвяраванне ў крынiцы кудзелi, тканiны, воўны.

   2910/11.11. Культ мядзведзя. Марцін. "На Марціна мядзведзь кладзецца ў бярлогу і пачынае смактаць лапу". Жывёлагадоўчы культ. Настуся. "Настуся пачынае стрыгчы авечак".

   1/14.11. Земляробчы культ. Кузьма-Дзям'ян.

   8/21.11. Культ мядзведзя. Міхайла. "Мядзведзі ідуць у спячку".

   15/28.11. Культ воўка. Пiлiпаўка. "Воўчае вяселле", "Піліп дзяцей адзявае".

   24 лістапада - 23 снежня. Вечарніцы. Воўк. (Скарпіён. Стралец).

   24.11/7.12. "Кацярына забрала край лета, лета стала карацейшае".

   26.11/9.12. Культ воўка і каровы. Зiмовы Юр'е. Не выганялi на пашу жывёлу аж да Вясенняга Юр'я, бо "Юр'я ўжо дае ваўкам свабоду".

   4/17.12. "Варвара ноч урвала, а дзень надтачыла".

   6/19.12. Жывёлагадоўчы культ. Мікола Зімовы. "Зімовы Мікола каня заганяе".

   9/22.12. "Ганны - прыбавіцца багата дня".

   12/25.12. "Дзень прыбавіцца хоць на адзін вераб'іны крок". Спірыдон Сонцаварот.

   18/31.12. Жывёлагадоўчы культ. Мадэст - апякун свойскай жывёлы.

   21-22. Зімовы сонцаварот.

   24 снежня - 22 студзеня. Каляды. Каза. (Стралец. Казярог).

   24.12/6.01. Першая куцця - пачатак Каляд. Культ продкаў i хатнiка. Тры калядныя куцці.

   25.12/7.01. Культ мядзведзя. Каляды.

   1/14.01. Культ дрэва і казы.. Калядна-навагоднi перыяд. Святы Козлік.

   18/31.01. Жывёлагадоўчы культ. Апанасся. Абаронца жывёлы ад марозу.

   23 студзеня - 20 лютага. Грамніцы. Вялес (вол). (Казярог. Вадаліў).

   28.01/10.02. Звычай частавання хатніка хлебам-соллю, каб зберагаў жывёлу.

   2/15.02. Культ воўка. Грамнiцы. "Памiж каталiцкiмi i нашымi Грамнiцамi не трэба снаваць кросны, бо ваўкi будуць снаваць каля будынкаў".

   Культ грамоўнiка. "На Грамнiцы захады супраць Перуна".

   Культ мядзведзя. "На Стрэчанне пераварочваецца і смокча другую лапу".

   Вакулы (19/6). Ахоўнiк ад пераўтварэнняў у ваўкалакаў.

   5/18.02. Ахоўвалі жывёлу ад хвароб і хату ад Перуна. Агата.

   11/24.02. Жывёлагадоўчы культ. Валоссе. Улассе. Свята жывёлы. "Калi ў гэты дзень у жывёлы пануры выгляд, то яе з'есць воўк".

   Земляробчы культ абрадавага ворыва, прыблiзна, з 14 лютага па 25 - 28 сакавiка. Зборнiца - нядзеля першага тыдня Вялiкага пасту.

   21 лютага - 18 сакавіка. Гуканне вясны. Бусел (птушкі). (Вадаліў. Рыбы).

   24.02/9.03. "Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на бок". Паўраценне.

   1/14.03. Культ птушкi. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны.

   4/17.03. Герасім Гракоўнік.

   5/18.03. "Грак вяртаецца з выраю". Марк.

   9/22.03. Культ птушкi. Саракi. "Свята Саракi - сорак выраяў вылятаюць". "Ластаўкi вылятаюць з возера".

   17/30.03. Культ рыбы і пчалы. Свята рыбалова - Аляксей Цёплы. "На Цёплага Аляксея рыба iдзе на нераст, карова на верас, а бортнiк на хвою".

   Вывады. Да вышэйшага ўзроўню па ступені даставернасці неабходна адносіць рэстаўрацыю. Рэканструкцыя фальклорных фактаў адносіцца да больш прыблізных, але навукова-гіпатэтычных і найбольш пашыраных даследаванняў, што патрабуе выканання пэўных метадычных прынцыпаў.

   Калі прыняць за аснову славянскі рэканструяваны каляндар, здзейснены рускім даследчыкам В. Власавым і інш., то беларускія каляндарныя звычаі ў большай ступені і паўней выяўляюць самыя глыбокія карані славянства, рудыменты, якія сфарміраваліся ў перыяд індаеўрапейскага адзінства, рэшткі праславянскай і славянскай творчасці. У кожным месяцы БНК захаваліся розныя жывёльныя культы, якія гіпатэтычна рэканструюць беларускі задыяк.

   - Лихачев Д. С. Текстология: На материале русской литературы Х - ХVІІ веков. Л., 1983.

   - Власов В. Г. Формирование календаря славян: Ранний период // Календарь в культуре народов мира: Сб. ст. М., 1993. С. 121 - 136.

   - Лозка А. Ю. Беларускі каляндар у славянскім і еўрапейскім свеце: Манаграфія. Мн., 2002.

   - Лозка А. Ю. Феномен Новага года ў беларускім фальклоры: Манаграфія. Мн., 2004.

   - Лозка А. Ю. Рэканструкцыя язычніцкага календара // Славянскі свет. 2003. № 1(78). С.90 - 96;

   - Ён жа. Беларускі задыякальны каляндар // Мастацтва. 2004. № 1. С. 49 - 51; Ён жа. Феномен календара беларусаў у еўрапейскай культуры // Праблемныя напрамкі развіцця мастацкай творчасці і вербальнай культуры нацыі: Матэрыялы Міжнар. навук. канф. Мінск, 20 - 21 ліст. 2003 г. Мн., 2004. С. 114 - 118.
 

   SUMMARY
   Reconstraction of the pagen Slavonic calendar.
   The theoretical aspect of restoration and reconstraction in the study of folklore is examined. The reconstructed pagen Slavonic calendar with taking in - to account the zodiac element made up on the basis of traditional heritage and proved by folklore and ethnographic sources of Slavonic people was represented for the first time.

   
Лозка Алесь Юр'евіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры этналогіі і фалькларыстыкі БДПУ. Мінск. Тэл. 2274363

COPYRIGHT ATENEY 2001-2005